ЛІ ЦЗУНДА́О (Lee Tsung Dao; н. 25.11. 1926, г. Шанхай, Кітай),

кітайска-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1964), Нац. Акадэміі дэі Лінчэі (1982) і інш. Вучыўся ва ун-тах Кітая. З 1946 у ЗША. У 1951—53 і 1960—63 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане, з 1953 у Калумбійскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова з 1997 дырэктар амер.-яп. Даследчага цэнтра пры Брукхейвенскай нац. лабараторыі. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, ядз. фізіцы, квантавай хромадынаміцы і інш. Разам з Янгам прадказаў магчымасць незахавання прасторавай цотнасці ў слабых узаемадзеяннях (1956), што было пацверджана эксперыментальна, увёў паняцце камбінаванай цотнасці (1956), выказаў гіпотэзу аб перадачы слабых узаемадзеянняў прамежкавым вектарным базонам і пастуліраваў яго ўласцівасці. Нобелеўская прэмія 1957 (разам з Янгам).

Тв.:

Particle physics and introduction to field theory. London, 1981;

Рус. пер. — Математические методы в физике. М., 1965;

Слабые взаимодействия. М., 1968 (разам з Ц Ву).

М.М.Касцюковіч.

Лі Цзундао.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)